Раздзел 7. Арфаэпія

Пытанні для самакантролю

  1. Акрэсліце прадмет і задачы арфаэпіі.
  2. Ахарактарызуйце кніжны і гутарковы стылі беларускага літаратурнага вымаўлення.
  3. Запомніце правілы вымаўлення націскных і ненаціскных галосных у беларускай мове. Ахарактарызуйце асаблівасці вымаўлення галосных у запазычаных словах.
  4. Акрэсліце правілы вымаўлення зычных у беларускай мове. Прывядзіце прыклады розных тыпаў асіміляцыі зычных гукаў.
  5. Ахарактарызуйце  асаблівасці вымаўлення зычных у запазычаных словах.
  6. Адзначце, якія адхіленні ад арфаэпічных нормаў магчымыя ў  маўленні асобных носьбітаў мовы. Асэнсуйце іх прычыны.

 

Практыкаванне 1. Вымавіце дакладна і выразна прыведзеныя словы.  Сачыце за тым, каб гук [а] у ненаціскных складах пасля цвёрдых зычных не нагадваў гук [ы]. Значэнне незразумелых слоў растлумачце пры дапамозе слоўніка І. Шкрабы “Самабытнае слова” (Мінск, 1994).

Канаплянка, насоўка, жабраваць, зажартаваць, цэгла – цагельня, росы – зарасіцца, госць – гасцяванне, цэбар – цабэрак, угодкі – гадавы, вантробы – вантрабянка.

 

Практыкаванне 2. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне на тэму “Аканне ў беларускай і рускай мовах”. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да артыкула Л. Ц. Выгоннай “Хто сказаў а: гукавая архітэктоніка беларускага слова” (Роднае слова. – 1996. – № 6. – С. 76-85).

 

Практыкаванне 3. Затранскрыбіруйце прыведзеныя рускія і беларускія словы. Параўнайце вымаўленне ў іх складзе ненаціскных галосных.

Вода – вада, молоко – малако, колосок – каласок, болото – балота, мороз – мароз, город – горад, человек – чалавек, меняться – мяняцца.

 

Практыкаванне 4. Вымавіце прыведзеныя беларускія і рускія словы. Затранскрыбіруйце іх. Ахарактарызуйце розніцу, якая існуе ў вымаўленні гукаў, абазначаных падкрэсленымі літарамі.

Грымець – греметь, крышачка – крошечка, глытаць – глотать, блышыны – блошиный, інжынер – инженер, канцылярыя – канцелярия, шкілет – скелет, трывожны – тревожный.

 

Практыкаванне  5. Прачытайце словы, выразна вымаўляючы гук [а] пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам. Назірайце за тым, каб  гук [а] не набліжаўся да  галосных [і] і [э]. Значэнне незразумелых слоў растлумачце пры дапамозе даведніка І. Шкрабы “Самабытнае слова” (Мінск, 1994) і энцыклапедычнага слоўніка “Беларуская міфалогія” (Мінск, 2006).

Вяртанне, змяненне, весялуха, азярышча, непярэліўкі, пячорнік, пярэлетак, сямёра, дзяліць, вятрак, верацяно, лясун, цяслярства, свяцілішча, Ярыла, зязюля, Пятроўка, пячора, Бялун.

 

Практыкаванне 6. Прычытайце прыведзеныя словы, выразна вымаўляючы гук [э] пасля мяккіх зычных у пераднаціскных і паслянаціскных складах. Сачыце за тым, каб у згаданых пазіцыях  вымаўляўся гук [э]  або а]. Значэнне незразумелых слоў растлумачце пры дапамозе слоўніка І. Шкрабы “Самабытнае слова” (Мінск, 1994).

Верацяно, невідушчасць, вершаліна, екатаць, знепрытомнець, знерваваць, знецярплівець, ленаваты, местачковец, ценяваць.

 

Практыкаванне 7. Прачытайце прыведзеныя прыказкі і загадкі. Звярніце ўвагу на вымаўленне часціцы не і прыназоўніка без.

  1. Ягад без кветак не бывае. 2. Няпраўдай свет пройдзеш, назад не вернешся. 3. Хлуснёй багаты не будзеш. 4. Не судзі нікога – не будзеш сам суджаны. 5. Чужы кажух нікога не грэе. 6. Без ног бяжыць, без вачэй глядзіць. 7. Не агонь, а не схопіш – абпалішся. 8. Белы, а не цукар, без ног, а ідзе. 8. Як сабака на сене – і сам не гам, і другому не дам. 9. Не раскусіш арэх – зерня не з’ясі. 10. Хто новага не бачыў, той старому рад. 11. Хто нічога не робіць, той не памыляецца. 12. Што праўда, то не грэх.

 

Практыкаванне  8. Прачытайце і затранскрыбіруйце прыведзены тэкст. Растлумачце на прыкладзе слоў з тэксту, чым вымаўленне націскных галосных адрозніваецца ад вымаўлення ненаціскных. Выпішыце з тэксту словы з камбінаторнымі зменамі гукаў. З дапамогай ТСБМ растлумачце значэнне выдзеленых слоў. Падбярыце да іх адпаведнікі ў рускай мове.

Мы ведалі: у нашай хаце будзем жыць мы, нашы дзеці, нашы ўнукі,  а то – і дай Бог чутае ды ўбачыць! – нашы праўнукі.

У нашых хатах спрадвеку жылі калыскі і лаўкі, цвыркуны і качэргі, сталы і кросны, збанкі і цэбры, жорны і абразы. Ходзікі жылі, скацёркі жылі, абрусы жылі, ручнікі жылі – імі мы прыбіраем сваіх багоў.

Нашы хаты мы самі бачылі не вачыма, а сэрцам. Таму яны ніколі не бываюць для нас шэрымі. Яны заўсёды радуюць душу. І тады, калі, толькі што дабудаваныя, сасновыя, чысценькія, светлыя, жоўценькія, як жаўточак, радасна пахнуць смалою і, нібы даспелыя яблыкі, наскрозь свецяцца на сонцы; і тады, калі ўжо, упрыгожаныя разьбою, вільчакі, франтоны, ліштвы на вокнах, вуглы хат здаюцца музейнымі экспанатамі;  і тады, калі, аздобленыя мастацкаю шалёўкаю, пафарбаваныя ў вясёлыя і прыемныя колеры, нашы хаты аж прыўзнімаюцца на падмурках, каб паказаць сябе як найлепей.

(Я. Сіпакоў)

 

Практыкаванне 9. Прачытайце прыведзеныя словы і спалучэнні слоў. Затранскрыбіруйце іх. Адзначце, які гук абазначаны літарай і.

Контрігра, дэзінтэграцыя, міжінстытуцкі, аб’інець, вераб’і, у здароўі, краіна, іскры, інтэграцыя, Іра, Ігар, думкі і размовы, снег і вецер, дуб і каліна, медінстытут.

 

Практыкаванне 10. Прачытайце тэкст, захоўваючы нормы беларускага літаратурнага вымаўлення. Адзначце, якія асаблівасці вымаўлення галоснага [і] адлюстраваны ў тэксце. Выпішыце з тэксту словы, у якіх адбылася асіміляцыя зычных. Вызначце тып асіміляцыі.

Хата – жытло чалавека, у народнай аксіялогіі беларусаў сімвал дабрабыту і шчасця: свая хатка як родная матка.

Кожнае жытло ў традыцыйнай свядомасці надавала свету прасторавы сэнс, аддзяляла чалавека ад навакольнага свету. У хаце як бы суіснавалі  чалавек і сусвет, нутраное і вонкавае, таму станавіліся магчымымі перакадзіроўкі паміж часткамі чалавечага цела, элементамі космасу і дэталямі хаты. “Дом” можа быць “разгорнуты” ў Сусвет і “згорнуты” ў чалавека. Сам Сусвет асэнсоўваўся на пэўным этапе як велізарны дом з належнымі яму атрыбутамі: небам-столлю, цэнтрам, які часцей уяўляўся ў выглядзе Сусветнага дрэва, падмуркам. Спосабы арыентацыі ў свеце адбіліся ў спосабах структуравання хаты. Так, своеасаблівай воссю жытла выступае дыяганаль кут – печ, якая адным канцом (покуць) паказвае на святло, божы бок, а другім (печ)  – на захад, цемру.                

(Т. Валодзіна)

 

Практыкаванне 11. Прачытайце выразна, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы, верш Н. Загорскай “Мамін ручнік”. Сачыце за вымаўленнем гукаў [р], [ч], [γ], [ц’], [ў], [ж], [ш].

Мамін ручнік –

Белая дарога ў вечнасць.

Усё яе жыццё – патканае

                                 надзеямі.

Усе яе надзеі – пабітыя

                               градам болю.

Увесь яе боль – падшэрхлая

                                 скарынка цярпення.

Усё яе цярпенне – крона

                                     магутнага

                                             радаводнага дрэва.

Трымаю аберуч святыню –

Мамай сатканы ручнік

З кутасамі надзеі і веры –

І не веру,

           што некалі гэтае сонейка

                                                  зойдзе.

 

Практыкаванне 12. На аснове ніжэйпрыведзенага фрагмента  з падручніка “Беларуская граматыка для школ” Б. Тарашкевіча (Вільня, 1929) пазнаёмцеся з матэрыялам, прысвечаным паходжанню, правапісу, вымаўленню падоўжаных зычных. Вымавіце і затранскрыбіруйце прыведзеныя ў практыкаванні словы з падоўжанымі зычнымі. Параўнайце іх тагачасны і цяперашні правапіс. Да  падкрэсленых тэрмінаў падбярыце сучасныя адпаведнікі. Вытлумачце матывацыю тэрміналагічнай лексікі, выкарыстанай Б. Тарашкевічам.

 

Зычныя з прыціскам (“падвойныя”)

  1. Параўняй выгавар і напісаньне пададзеных слоў у розных славянскіх мовах.

 

 

беларускае

 

палажэньне

вясельле

жыцьцё

судзьдзя

украінскае

 

положэння

веселля

життя

суддя

стара-славянскае

положеніе

веселіе

житіе

судія

расейскае

 

положенье

веселье

житьё

судья

польскае

 

połoźenie

wesele

źycie

sędzia

  1. У беларускай мове (звычайна ў канцы прадметнікаў) на месцы стара-славянскае групы зычны + і + галосны маем зычныя падоўжаныя, з прыціснутым выгаварам (“падвойныя”).

льль: вясельле, Купальле, Ільля, ральля, з сольлю, гольле і г.д.

ньнь: здарэньне, сумленьне, пытаньне і г.д.

зьзь: з гразьзю, мазьзю, зазьзяць, рызьзё і г.д.

сьсь: касьсё, валосьсе, калосьсе і г.д.

ддзь: суддзя, ладдзя, разводдзе і г.д.

цьць: жыцьцё, багацьце, куцьця і г.д.

жж: збожжа і г.д.

чч: лыка – лыччо, печ – запечча.

шш: зацішша, у вушшу, з роскашшу і інш.

Апрача таго, такія прыціснутыя зычныя (у напісанні падвойныя) зьяўляюцца  пры злучэньні з прадлогамі: с-сыпаць, ад-даць і г.д.

 

Практыкаванне 13. Перакладзіце прыведзеныя словы на беларускую мову. Затранскрыбіруйце рускія і беларускія лексемы. Ахарактарызуйце нормы вымаўлення губных і зубных зычных перад [j] у сучасных беларускай і рускай мовах.

Соловьи, бьёт, объект, объехать, копьё, семья, съели, досье, съезжать, адъютант, субъект, объект, съезд.

 

Практыкаванне 14. Вымавіце і затранскрыбіруйце прыведзеныя словы. Асаблівую ўвагу звярніце на вымаўленне спалучэнняў выбухных з афрыкатамі і фрыкатыўнымі, а таксама шыпячых са свісцячымі зычнымі.

Расшчапляць, расчыніць, счапіць, счарсцвець, расчараваць, расчырванецца, сшываць, селядцы, у цётцы, адчай, Навагрудчына, ад чаго, падсініць, падціснуць, адцячы, адцурацца, па звычцы, ад чаго, адцэджваць, у хустачцы.

 

Практыкаванне 15. Прачытайце ўслых прыведзеныя словы. Звярніце ўвагу на ўзмоцненую мяккасць беларускага гука [z’]. Падбярыце да прыведзеных лексемаў адпаведнікі ў рускай мове. У асобную групу выдзеліце словы, якія ў рускамоўным дачыненні не маюць аднаслоўнага адпаведніка. Растлумачце значэнне гэтых слоў з дапамогай слоўніка  І. Шкрабы “Самабытнае слова” (Мінск, 1994).

Дзіця, Дзіна, дзікі, дзень, дзінькаць, Дзісна, дзедаваць, дзед, дзядзькаванне, дзірван, дзічка, дзядзіна, дзядзінец, дзічыха, дзюбаты, дзяцюк.

 

Практыкаванне 16. Прачытайце прыведзеныя літаратурныя і дыялектныя назвы раслін. Цвёрда вымаўляйце гук [ч]. Затранскрыбіруйце словы. Падбярыце і запішыце да  падкрэсленых слоў рускія адпаведнікі.

Крынічнік-дуброўка, чабор, гарлачык, малачай, чарамша, мятлічка, начная свечка, чарнобыль, чыстацел, паўночнік, пахучаліснік, пясчанка, сардэчнік, тысячагалоў, хвошч, чамярыца, чысцяк, пячоначніца, чараўнік, чубатка, чына, чысцік, касач, плюшчай, чарот, чаротніца, чылім, гарчыца, сачавіца, сланечнік, часнок.

 

Практыкаванне 17. Прачытайце выразна, захоўваючы нормы беларускага літаратурнага вымаўлення, прыведзеныя прыказкі і выслоўі. Сачыце за вымаўленнем спалучэння [шч].

  1. Без кахання шчасця, долі няма на зямлі (Я. Купала) 2. Нам часу дадзена не шмат – міне яшчэ адна хвіліна, ёй не вярнуцца ўжо назад. (П. Броўка) 3. Няволя цвеліць ахвоту. Цяжэй за ўсё трымаць у сабе злосць і пяшчоту.  (Р. Барадулін) 4. Ні ў зялёны гушчар, ні ў карчы ад самога сябе не ўцячы. (Р. Барадулін) 5. У кожным адпаведна яго шчадраце Бог расце. (Р. Барадулін) 6. А шчырая сціпласць жадае нямала: каб беглі дні, а здароўе стаяла. (Р. Барадулін) 7. У чыстым небе спаміж вершалінак павук шчырэе без адпачынку, каб выткаць хоць ценькую аблачынку.                          (Р. Барадулін) 8. Не радзіся красны, а радзіся шчасны. (Прыказка)  9. На тое і шчупак у моры, каб карась не драмаў. (Прыказка) 10. Сябе бараніць мове моцы стае, усё называе сваімі імёнамі. Вынішчанцам няўзмогу закратаваць яе. (Р. Барадулін)

 

Практыкаванне 18. Прачытайце выразна, захоўваючы нормы беларускага літаратурнага вымаўлення, прыведзены тэкст. Сачыце за правільным вымаўленнем гука [ў]. Выпішыце з тэксту словы, у якіх [в] змяніўся на  [ў],  [л] на [ў]. Растлумачце, пры якіх умовах праходзяць гэтыя фанетычныя змены. Выпішыце з тэксту некалькі слоў, у якіх адбылася акамадацыя. Затранскрыбіруйце гэтыя словы. Вызначце тып акамадацыі.

Галоўным у магічнай прагматыцы патэльні з’яўляўся матыў сувязі з агнём, печчу, адсюль ачышчальныя, апатрапеічныя і прадукавальныя якасці: у асобных вёсках, пасадзіўшы на патэльню, прычэсвалі нявесту, выкарыстоўвалі патэльню ў народнай медыцыне. Цесная сувязь патэльні з агнём тлумачыць сюжэты легендаў і паданняў, дзе гэты прадмет выкарыстоўваўся ў барацьбе з воднай стыхіяй – ручаём, ракой, возерам: жанчына, праклінаючы ваду за патапленне дзіцяці, кідае ў яе патэльню і тым знішчае раку.

Патэльня як пячное начынне ўяўляла сабой цэнтр хаты, а ў праекцыі на макракосм атаясамлівалася з сакральным цэнтрам Сусвету, з сусветным каменем (параўнайце тэкст замовы: “На моры, на кіяні стаіць куст. У тым кусце стаіць скаварада, пад скаварадой ляжыць чорная руна. У чорным руні ляжыць змяя Шкурапея”).

(Т. Валодзіна)

 

Практыкаванне 19. Выразна прачытайце, захоўваючы нормы літаратурнага вымаўлення, прыведзены тэкст. Пры чытанні сачыце за вымаўленнем мяккіх свісцячых [с’], [з’], [z’], [ц’]. Вымаўляйце іх з шыпячым прыгукам. Выпішыце з тэксту словы з гістарычнымі змяненнямі зычных.

Парог – найбольш рытуалізаваны сімвал мяжы паміж хатай як максімальна засвоенай, “акультуранай” чалавекам прасторай і навакольным, патэнцыйна варожым светам (іншасветам, светам памерлых). Найбольшае значэнне парог меў у сістэме сямейнай абраднасці і ў знахарстве.

У радзіннай абраднасці парог інтэрпрэтаваўся ці то як цалкам небяспечная, ці то як дапаможная і лёсавырашальная частка прасторы. Так, цяжарнай, кантакты якой з навакольным светам моцна абмяжоўваліся, забаранялася затрымлівацца і сядзець на парозе, бо будуць цяжкія роды. Тым часам дзеля аблягчэння родаў адбывалася сімвалічнае размыканне мяжы з іншасветам, адкуль, паводле ўяўленняў, і прыходзіла дзіця. Дзеля гэтага муж пераступаў жонку, захінутую ў кажух, якая ляжала на парозе. Або сама цяжарная мусіла тройчы пераскочыць праз парог.

(У. Лобач)

 

Практыкаванне  20. Вымавіце прыведзеныя ў практыкаванні рускія і беларускія словы. Затранскрыбіруйце іх. Супастаўце іх гукавы склад. Выдзеліце і ахарактарызуйце тыя гукі, якія не супадаюць у рускай і беларускай мовах па цвёрдасці / мяккасці. Параўнайце асаблівасці перадачы гэтых гукаў на пісьме.

Руская мова

Щедрость

Заказчик

Царь

Грех

Печь

Плачь

Двести

Жёлтый

Доверие

Чабрец

Целовать

Хожу

Жизнь

Рецензент

Беларуская мова

Шчодрасць

Заказчык

Цар

Грэх

Печ

Плач

Дзвесце

Жоўты

Давер

Чабор

Цалаваць

Хаджу

Жыццё

Рэцэнзент

 

Практыкаванне 21. Параўнайце прыведзеныя ў практыкаванні рускія словы і іх беларускія адпаведнікі. Адзначце:

а) фанемны склад прэфікса ў беларускай і рускай мовах;

б) асаблівасці асіміляцыі апошняга зычнага прэфікса да першага зычнага кораня ў беларускай і рускай мовах;

в) прынцып правапісу, які пакладзены ў аснову перадачы прэфіксаў на пісьме.

Отдать – аддаць, отделение – аддзяленне, отговорить – адгаварыць, открытие – адкрыццё, отписка – адпіска, отмыть – адмыць, оторвать – адарваць, отыграться – адыграцца, отзыв – водгук.

 

Практыкаванне 22. Ахарактарызуйце асіміляцыю зычных у прапанаваных словах (поўная ці няпоўная, слоўная ці міжслоўная). Словы падайце ў транскрыпцыі.

Рос бы, гекзаметр, футбол, на рэчцы, сведка, без бяды, адсадзіць, берагчы, мякчэйшы, пясчынка, на градцы, просьба, сфера, сцежка, адчуваць, усміхаешся, на дошцы.

 

Практыкаванне 23. Вымавіце і затранскрыбіруйце прыведзеныя словы. Ахарактарызуйце прыметы іх іншамоўнага паходжання. Значэнне незразумелых слоў высветліце з дапамогай “Слоўніка іншамоўных слоў”     А. М. Булыкі (Мінск, 2005).

Рэвалюцыя, легенда, акардэон, рэактар, сеанс, геолаг, Герасім, Токіо, універсалія, орган, эстэт, Македонія, аазіс, ландшафт, аксесуары, аперкот, дывертысмент, карэктыў, прэзентацыя, прэс-бюро, стэрэатып, фэйс-кантроль, цэйтнот.

 

Практыкаванне 24. Вымавіце і затранскрыбіруйце прыведзеныя словы. Акрэсліце арфаэпічныя правілы, якімі трэба кіравацца пры іх вымаўленні.

На дошцы, не бачу, без веры, згінуць, спектакль, сфінкс, у Літве, адвязаць, дзверы, чацвёрка, смяешся, лес жыве, падсыпаць, адзваніць, аджыць, святло, Брэстчына, нясвіжскі, без шубы, лётчык, з Генам, з Міхасём, з Жэняй, не бойся.

 

Практыкаванне 26. Затранскрыбіруйце тэкст у адпаведнасці з нормамі беларускага літаратурнага вымаўлення. Выпішыце з тэксту словы з гістарычнымі змяненнямі зычных.

Мы ўжо закончылі будаваць сваю хату і збіраемся рабіць улазіны, уваходзіны, наваселле. Гэта для нас не толькі свята, але і шаноўны рытуал, які мае патаемны сімвалічны сэнс.

Наваселле мы звычайна  спраўлялі ў поўню – калі месяц поўны, значыць, у новай хаце будзе дастатак, усяго будзе поўна: і хлеба, і грошай, і збожжа, і дзяцей.

На ноч перад улазінамі пускалі ў святліцу кошку і пеўня – яны павінны былі прыняць на сябе ўсё магчымае зло, якое можа быць усё ж, не зважаючы на нашу асцярогу, пасялілася ў новай хаце – певень жа нам у язычніцтве служыў абярэгам і сваім кукарэканнем адважваў, выганяў нячыстую сілу.

Першым уваходзіў у новую хату гаспадар. Кідаў клубок нітак, як у Падзвінні, і, узяўшыся за нітку, уваходзіў сам, а тады, падаўшы пояс, зацягваў услед за сабою і ўсю сям’ю.

(Я. Сіпакоў)

 

Практыкаванне 27. Прачытайце, захоўваючы нормы беларускай арфаэпіі, прыведзены тэкст.  Затранскрыбіруйце яго. Выпішыце з тэксту словы з камбінаторнымі фанетычнымі зменамі. Падбярыце да гэтых лексемаў аднакаранёвыя словы, у якіх зменены гук быў бы ў незалежнай пазіцыі.

Печ – адзін з асноўных рытуальных цэнтраў космасу сялянскага жытла. У хрысціянскі час у хаце ўтварылася сілавая лінія жыцця, якая злучыла чырвоны кут і белую печ (гэтыя рытуальныя цэнтры заўсёды размяшчаліся па дыяганалі ў супрацьлеглых баках). Афарбоўка печы, зона яе размяшчэння (пераважна каля парога), шматлікія кантэксты ўключэння яе ў структуру абрадавых комплексаў сведчаць аб тым, што яна выконвала ролю пасрэдніка паміж жывымі і памерлымі продкамі. У міфалагічным плане печ успрымалася як утаймавальніца прыроднага агню (сына Сонца або Перуна) і адначасова яго захавальніца, што сімвалізавала няспынны працяг жыцця ў хаце.                                                                            (Я. Крук)

 

Практыкаванне  28. Перакажыце тэкст па-беларуску, захоўваючы нормы літаратурнага вымаўлення. Складзіце слоўнічак найбольш цяжкіх для перакладу слоў і выразаў. Выпішыце словы, у якіх адбыліся   пазіцыйныя змены гукаў. Падбярыце да гэтых лексемаў аднакаранёвыя словы, у якіх зменены гук быў бы ў незалежнай пазіцыі.

Почти треть жилой части хаты занимала печь, где готовили пищу и пекли хлеб. Между печью и стеной была широкая полка. На этой полке  спали, а под ней зимой держали кур-несушек, поросят, телят.

Вдоль стен хаты стояли широкие скамьи. Над скамьями на стенах были полки для посуды. Напротив входа был “красный”, или “кутний”, угол. В углу висела икона, обрамлённая вышитым полотенцем. На полочке за иконой рядом с восковой свечкой обычно хранились денежные сбережения всей семьи. Под иконой стоял стол. Во время еды за стол по старому обычаю садились только мужчины, а женщины и дети ели отдельно около печи. Шкафов и сундуков у белорусских крестьян не было. Новую одежду и ценные вещи хранили в кублах. Для каждой дочери ещё в детстве предназначался такой кубел, куда складывали её приданое – холсты, бусы, ленты.

(Б. Андрианов)

 

Практыкаванне 29. Завучыце на памяць верш пра мову аднаго з беларускіх пісьменнікаў (гл. зборнікі “Каласы роднай мовы” (Мінск, 1991) і “Сэрцам роднага слова краніся” (Мінск, 1998). Пры чытанні верша звярніце ўвагу на захаванне арфаэпічных нормаў беларускай літаратурнай мовы.

 

Практыкаванне 30. Прачытайце вытрымкі з рамана І. Чыгрынава “Плач перапёлкі”. Назавіце словы, вымаўленне якіх не адпавядае арфаэпічным нормам сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Чым можна растлумачыць адхіленні ад нормаў літаратурнага вымаўлення?

  1. У Верамейках даўней жыў Хомка Берасцень, па мянушцы Абы (“Абы етак, абы так”), чалавек, які бадай усё жыццё прытвараўся. 2. Рыпіна шмат у каго бабіла, а ў Сахвеі другі раз. 3. Дак, можа, і ваш пает жывы? 4. Рахім падышоў і таўхануў Брава-Жыватоўскага ў плячо моцна, як зморанага каня ў аглобнях. 5. “Дак ні каліўка бяльзіну, – зноў чамусьці на ўсю моц засмяялася Ганна. – Увесь аддалі, як машыну калгасную здавалі”. 6. Праз момант вада адстоялася, тады Чубар пачаў піць набгом.   7. Але неўзабаве Стахвану Ядлоўскаму прапанавалі самому пераехаць у другі раён працаваць.